СКАРБОНКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Паважаныя наведвальнікі сайта!
Мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 37 г. Мінска, прапануем вашай увазе Скарбонку беларускай мовы. На яе старонках мы падзелімся з вамі прыгажосцю і мілагучнасцю беларускай мовы, пазнаёмім вас са скарбам народнай мудрасці і абрадавымі гуляннямі. Таксама прапануем вам звесткі пра выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, музыкі і навукі. Спадзяёмся, што кожны з вас адкрые для сябе на гэтых старонках нешта цікавае і карыснае.
Я сябе адчуваю скарбонкаю.
Пацяшайцеся, хто ахвоч,
Я не грошы збіраю, а звонкія
Галасы салаўёў усю ноч…
Мудрасць кніг і радасць людскую,
Гнеў і гора – усё лічу.
Я збіраю, пішу, святкую,
Сто разоў у бездань лячу…
Я на ідалаў не малюся
I з няпраўдаю не міруся,
Дык, удача, хоць раз мне падзьмі!
Зноў збіраю і зноў дзялюся
Сваім скарбам малым з людзьмі.
Пімен Панчанка
А зараз раскажам пра нас, складальнікаў гэтай скарбонкі.
|
|
Волкава Алена Пятроўна
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Маю вышэйшую адукацыю. У 2005 годзе скончыла дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура” з дадатковай спецыяльнасцю “Замежная мова (польская)”, маю ступень бакалаўра педагагічных навук па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Кваліфікацыйная катэгорыя – першая.
На працягу 11 год выкладаю беларускую мову і літаратуру ў 5–11-х класах па праграме базавага ўзроўню, што дазволіла свабодна арыентавацца ў аспектах методыкі навучання роднай мове ў сярэдняй школе. Сярод дасягненняў навучэнцаў – Дыплом III ступені XXXIV гарадской канферэнцыі вучняў у секцыі “Лінгвістыка” па навучальным прадмеце “Беларуская мова”.
|
Швед Алена Вячаславаўна
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Маю вышэйшую адукацыю. У 1997 годзе скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура” з дадатковай спецыяльнасцю “Руская мова і літаратура”. Кваліфікацыйная катэгорыя – першая. Педагагічны стаж складае звыш 15 год. На занятках выкарыстоўваю разнастайныя метады і сродкі навучання роднай мове. Выкладаю беларускую мову і літаратуру ў 5–11-х класах па праграме базавага ўзроўню. Да апошніх дасягненняў навучэнцаў адносіцца Дыплом III ступені раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.
|